ЧЫРВО́НЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, багранкі,

барвовыя водарасці (Rhodophyta),

аддзел водарасцей. 2 кл.: бангіевыя і фларыдыевыя водарасці; больш за 600 родаў, каля 3800 відаў. Вядомы з археазою. Пашыраны пераважна ў морах, на вял. глыбіні пераважаюць над інш. групамі водарасцей; каля 5% відаў — у прэсных вадаёмах і на глебе. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрахаспермум і парфірыдыум.

Прымацаваныя або планктонныя мікра- і макраскапічныя арганізмы. Найб. прымітыўныя — аднаклетачныя або каланіяльныя, больш высокаарганізаваныя маюць слаявіну складанай марфал. і анат. будовы, памерам 0,5—1 м. Клеткі шмат’ядзерныя, з 1 зоркападобным або некалькімі рознай формы хларапластамі і складаным наборам пігментаў: хларафілы a і d, α- і β-караціны, фікабіліны (чырв. — фікаэрытрын, сіні — фікацыянін), якія вызначаюць афарбоўку Ч.в. — ад ярка-чырв. да блакітнавата-зялёнай і жоўтай. Запасное рэчыва — т.зв. багранкавы крухмал. Размнажэнне вегетатыўнае (дзяленнем клеткі, ч. слаявіны або дадатковымі парасткамі), бясполае (мона-, бі-, тэтра- або паліспорамі) і палавое (аагамія). Характэрная асаблівасць — у цыкле развіцця няма рухомых жгуцікавых стадый. З марскіх відаў Ч.в. атрымліваюць агар-агар, ёд, арган. рэчывы, выкарыстоўваюць як кармавыя і харч. прадукты; прэснаводныя Ч.в. — індыкатары чысціні вады.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 3. М., 1977;

Михеева Т.М. Альгофлора Беларуси: Таксоном. кат. Мн., 1999.

Т.​М.​Міхеева.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)